28 лістапада 2026 года на базе рэсурснага цэнтра “Жывая спадчына” ДУА “Сярэдняя школа № 10 г. Барысава” панавала асаблівая атмасфера творчасці. Тут адбылася традыцыйная Арт-прагулка ў “Горад майстроў” пад назвай “Беларусь – крыніца натхнення”. Гасцямі і ўдзельнікамі свята сталі каманды вучняў сярэдніх школ № 10 і № 12.
Кожны “Дом” у гэтым горадзе адкрываў свае таямніцы. Першым прыпынкам стаў “Музей традыцый” (Мельнік І.А.). Тут удзельнікі паспрабавалі свае сілы ў займальнай краязнаўчай настольнай гульні “Знай Беларусь”, і, атрымаўшы маршрутныя лісты, з захапленнем адправіліся даследаваць “Горад майстроў”.
У Доме Адкрыццяў (Яраш С.А.) “турысты” праявілі эрудыцыю і спрыт у гульні “Беларускае ТО! ЛОТО”.
У Доме натхнення (Дадалка Н.У.) удзельнікі даведаліся пра сакральны сэнс лялькі “На здароўе”. З дапамогай сучасных QR-кодаў яны пазнаёміліся з цікавым матэрыялам і атрымалі магчымасць самім дакрануцца да народных традыцый, стварыўшы ўласную абярэговую “Здраўніцу”.
У Доме Ведаў (Грынь Р.В.) каманды пагрузіліся ў біблія-квэст “Таямніцы роднага краю”. Тут “турысты” з азартам выконвалі заданні на станцыях: “Славутасці Беларусі”, “Прырода роднага краю”, “Гарады Беларусі”, актыўна адказвалі на пытанні віктарыны.
У заключэнне мерапрыемства падарожнікі атрымалі салодкія прызы і падзяліліся ўражаннямі. Удзельнікі адзначылі, што такія сустрэчы дазваляюць па-новаму зірнуць на родную культуру, адчуць гонар за свой край і зразумець, што традыцыі – жывая крыніца сілы і прыгажосці.
“Горад майстроў” – гэта не проста пляцоўка для творчасці і добрага настрою, а сапраўдная прастора для духоўнага яднання. Нашы інтэрактыўныя майстар-класы і гульнявыя тэхналогіі спрыяюць выхаванню каштоўнасных адносін да роднага слова, дапамагаюць настаўнікам і вучням асвойваць сучаснае беларускае мастацтва, вучаць рабіць цудоўныя падарункі сваімі рукамі родным і блізкім людзям, далучацца да беларускіх народных традыцый і, што самае важнае, - захоўваць іх для будучых пакаленняў.
Н.Г.Іўжанка, кіраўнік цэнтра