Сёння ў нашай школе адбыўся асаблівы і цёплы конкурс чытальнікаў “Паэзія жаночай душы”, прысвечаны Году беларускай жанчыны і Тыдню беларускай мовы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 18 вучняў 1–4 класаў, якія прадэманстравалі не толькі майстэрства дэкламацыі, але і глыбокае разуменне паэтычнага слова. Дзеці чыталі вершы, прысвечаныя жанчынам, а таксама творы, напісаныя жанчынамі-паэткамі.
Асабліва цікавым і ўзрушальным момантам стала тое, што некаторыя вучні выбралі для выступлення вершы былой выпускніцы нашай школы – Жанны Алай, якая сёння працуе настаўнікам пачатковых класаў у СШ №8 г. Барысава. Яе творы знайшлі асаблівы водгук у дзяцей і дазволілі адчуць сувязь пакаленняў праз паэзію.
Прыемна адзначыць, што Жанна Алай з гатоўнасцю адклікнулася на запрашэнне і ў бліжэйшы час сустрэнецца з вучнямі нашай школы ў літаратурнай гасцінай. Мы з нецярпеннем чакаем гэтай сустрэчы, каб пачуць гісторыі стварэння вершаў і асабістыя думкі аўтара!
Пераможца конкурсу атрымае права прадставіць нашу школу 21 лютага на раённым конкурсе “Акрыляе роднае слова”. Перад ім – новая творчая місія, і мы ўпэўнены, што наш прадстаўнік выступіць годна!
Дзякуем усім удзельнікам, настаўнікам і бацькам за падтрымку, цёплую атмасферу і каштоўны ўклад у захаванне і развіццё беларускай словаснасці!
Перад намі – яшчэ шмат цікавых літаратурных падзей! Да сустрэчы на наступных творчых конкурсах!
Угляніца Вольга Мікалаеўна,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце