Государственное учреждение образования "Средняя школа №10 г. Борисова"

Государственное учреждение образования "Средняя школа №10 г. Борисова"

телефон: 97 62 20
222516, г. Борисов, ул. Заводская, 109

Чытаем вершы разам: Аляксей Галаскок "Беларусь мая, родная, мілая..."

13.07.2023
Чытаем вершы разам: Аляксей Галаскок "Беларусь мая, родная, мілая..."

А мы працягваем чытаць вершы разам з 10TV. Чарговы твор - верш Аляксея Галаскока "Беларусь мая, родная, мілая". Далучайцеся!!!

Беларусь мая, родная, мілая,
Да цябе я заўсёды ляцеў
Птушкай стомленай з выраю,
Шляхам тым, што ідзе карацей.

Не магу наглядзецца ў азёры –
І дзівоснай вады глыбіню,
І вачамі мне не абмераць
Над маёй галавой вышыню.

Не магу я паветрам надыхацца,
Калі раптам распусціцца бэз.
Ручаёвай вадою спатоліцца,
Што бяжыць праз засмужаны лес.

Не магу абысці ўсе палеткі.
Павітаць ўсе гаі і бары.
Не магу надзівіцца на кветкі,
На аблокаў блакіт у гары.

У жыцці гэтым многа не змерана –
Нават думкай не ўсё зразумець.
Будзе жыць Беларусь мая, веру я,
Будзе садам вясновым квітнець.

 

Для даведкі: 

Галаскок Аляксей Пятровіч нарадзіўся ў 6 чэрвеня 1949 годзе ў в.Талалайкі Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе ў свой час жыла і займалася плённай творчай дзейнасцю беларуская паэтэса Ларыса Геніюш. Ён быў трэцім дзіцем у сям'і і самым малодшым: акрамя яго, у бацькоў падрасталі ягоныя старэйшыя сёстры Ганна і Марыя.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 у г.Зэльва паступіў у Рыжскае вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча імя маршала СССР Бірузова. Атрымаўшы дыплом і першае воінскае званне лейтэнанта, служыў у розных і часта вельмі аддаленых ад цывілізацыі кропках былога СССР у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. У апошнія гады службы камандаваў ракетным дывізіёнам, удзельнічаў у буйных вучэннях, за што неаднаразова атрымліваў падзякі ад Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі Міністэрства абароны СССР. Узнагароджаны ордэнам «За службу ва Узброеных Сілах СССР» III ступені, шматлікімі медалямі.

Пасля службы некаторы час выкладаў ваенныя дысцыпліны ў Рыжскім вышэйшым камандна-інжынерным вучылішчы імя маршала СССР Бірузова, якое ў свой час закончыў сам.

Звольніўся са службы ў запас у званні падпалкоўніка і разам з сям'ёй пераехаў на сталае месца жыхарства на Ганцаўшчыну — на радзіму сваёй жонкі Ларысы Іванаўны.

У гады службы Аляксей Галаскок займаўся сваім любімым заняткам — пісаў вершы, якія друкаваліся ў армейскіх газетах і мелі вялікі поспех у саслужыўцаў. Пісаў па-руску, а думалася па-беларуску, на мове, якую палюбіў з маленства, якую шанаваў і песціў.

Пасля дэмабілізацыі, жывучы на Ганцаўшчыне, пачаў пісаць толькі на роднай мове і дасягнуў у гэтым пэўнага плёну. Яго вершы змяшчаліся не толькі ў раённай газеце, але і ў рэспубліканскай перыёдыцы — газетах і часопісах. Некаторыя з іх пакладзены на музыку самадзейным ганцавіцкім кампазітарам Валерыем Марцінкевічам і з поспехам выконваюцца на сцэне.

Аляксей Галаскок — член Беларускага саюза пісьменнікаў. Ён аўтар зборнікаў паэзіі «He шкадуюць мяне мае вершы», «Я шчаслівы...», «Беларусь мая родная, мілая…», «Суд над сарокай» і іншых...

Версия сайта для слабовидящих